“Прызнанне”. Чэслаў Мілаш

Спадару Божа, любіў я клубнічны джэм
І цёмную саладзіню жаночага цела,
Гарэлкі марожанай смак, селядцы ў алеі
І пах цынамонавы ды гваздзіковы.
Дзе ж выйсці з мяне мог прарок? Скуль жа дух
Такога наведваць бы меў? Столькі іншых
Праўдзіва абраных было, верагодных.
А мне хто б паверыў? Бо ж бачылі ўсе,
Як кідаюся на яду, спаражняючы шклянкі,
Юрліва ўглядаюся ў шыю афіцыянткі,
Заганы свае ўсведамляю. Вялікасці прагнучы,
Умеючы распазнаваць яе, дзе толькі ёсць,
Пры бачанні свету не вельмі каб ясным,
Я ведаў, што меншым, як я, застаецца
Турнір гарбуноў, баль нядоўгіх надзеяў,
Пыхліўцаў паседжанні, літаратура.