Максім Танк — Зацьменне сонца. Чытае Юля Хахель.

Зацьменне сонца

Казалі: поўнае зацменне сонца,
Казалі: змрок зямлю ўсю атуліў.
Казалі, зоры былі бачны ў небе.
А мы з табою гэтага чамусьці
І не заўважылі,
хоць і глядзелі пільна
Праз невялічкае закуранае шкельца,
Што я прынёс табе
і на якім
Астаўся, помню, нашых пальцаў след,
Адбітак нашых вуснаў і насоў,
Якія потым не маглі адмыць.
Ты не цікавілася часам,
Калі настане новае зацьменне?