“Якая я”. Яўгенія Янішчыц

Не адыходзь! Цябе так многа
Між зор, між сноў, між лугаўя.
Над горкай памяцьцю былога
Якая я, якая я?

Застынь, каб мне хоць раз вярнуцца
Да вуснаў, нібы ручая.
Між дзікіх ягад і настурцый –
Якая я, якая я?

Хоць прашумі вясёлым ліўнем! –
Хай сьлед падкажа каляя.
Паміж няшчасных і шчасьлівых –
Якая я, якая я?

Ні ў поля вольнага, ні ў гаю,
Ні ў зор, ні ў сноў, ні ў лугаўя,
Я ў аднаго цябе спытаю,
Якая я.

Category: Вершы