“Я хацеў бы сустрэцца з вамі на вуліцы”. Усевалад Сцебарука

Я хацеў бы сустрэцца з вамі на вуліцы,
дзе яднае шыхты наш спрадвечны штандар.
Хай хістаецца сьвет – човен не перакуліцца –
наша права пабачыць нябёсы бяз хмар!

Я хацеў бы сустрэцца.
Хай з кожным дзясятым,
з тых, хто крыкам крычыць,
пра радзіму ці сьмерць,
з тых, каго я хацеў бы пасьля назваць братам,
ці ўжо болей ніколі і справаў ня мець.

Я хацеў бы сустрэцца. Хай толькі вачыма.
I да скону мне хопіць хвіліны такой.
Трэба верыць, бо вера ўсё робіць магчымым…
I яшчэ трэба вуліцай крочыць адной!