“Паэт”. Анатоль Сыс

Ніхто не мае права жыць з Паэтам,
кахаць, пакутаваць і раўнаваць яго
не тыя дні, калі б ён дбаў пра гэта,
не той напой, які б ён піў нагбом.
Ніхто не мае права мець Паэта,
рабіць яго паяцам пры двары,
таму што гэта… ды таму што гэта
народу і паэзіі падрыў.
Ніхто не мае права біць Паэта,
ён нават сам не вольны над сабой,
магчыма, ён адзіны на паўсвета,
а вы за ім, нібыта за гарой.
Паэт не мае права быць паэтам
цнатлівае і чыстае красы,
калі ў Айчыне загніваюць рэкі
і засыхаюць на вачох лясы.

Category: Вершы