“Мова”. Алесь Разанаў

Празрысты звон,
грымотны грукат,
скалісты свіст,
магутны гул —
усе
разрозненыя гукі
цяклі,
каб зліцца
у агул.
Хісталі
ўздыбленыя далі,
глыбаста білі ў небасхіл.
I ў немату
не прападалі,
а западалі
і раслі.
I ціш і гром,
і звон і шорах
спляліся
ніткаю радства, —
калі з грудзей,
нямых і чорных,
аднойчы
мова прарасла.