Часовае і вечнае — Юлія Патоцкая

 

У цябе было нейкае сваё ўяўленне пра жыццё, была нейкая вера, нейкая задача, ты быў гатовы да подзвігаў, пакутаў і ахвяраў — а потым спакваля разгледзеў, што свет не вымагае ад цябе ніякіх подзвігаў, ахвяраў і ўсяго такога, што жыццё — гэта не велічная паэма з гераічнымі ролямі і ўсякім такім, а мяшчанскі спакой, дзе задавальняюцца ежай і пітвом, кавай і вязаннем панчохі, гульнёй у тарок і радыёмузыкай. А каму трэба і хто носіць у сабе іншае, нешта гераічнае і прыгожае, павагу да вялікіх паэтаў альбо пашану да святых, той дурань і донкіхот. Вось так.

Часовае і Вечнае - Юлія Патоцкая

Часовае і Вечнае — Юлія Патоцкая

(…)

Слава існуе адно так сабе, дзеля адукацыі, гэта клопат школьных настаўнікаў. Не славу, не! А тое, што я называю вечнасцю. Вернікі называюць гэта Царствам Нябесным. Мне думаецца, мы, людзі, усе мы, больш патрабавальныя, знаўцы тугі і скрухі, надзеленыя адным лішнім вымярэннем, мы і зусім не маглі б жыць, калі б, апрача паветра гэтага свету, не было для дыхання яшчэ і іншага паветра, калі б, апрача часу, не было яшчэ і вечнасці, а яна ж бо і ёсць якраз царства сапраўднага. У яе ўваходзяць музыка Моцарта і вершы вялікіх паэтаў, у яе ўваходзяць святыя, якія тварылі цуды, прынялі пакутніцкую смерць і далі людзям вялікі прыклад. Але гэтак жа сама ўваходзіць у вечнасць вобраз кожнага, сапраўднага подзвігу, сіла кожнага сапраўднага пачуцця, нават калі ніхто не ведае пра іх, не бачыць іх, не запіша і не захавае для нашчадкаў. У вечнасці няма нашчадства, а ёсць толькі сучаснасць.

(…)

Святыя — гэта па-сапраўднаму людзі, малодшыя браты Збаўцы. У дарозе да іх мы ўсё сваё жыццё, нас вядзе да іх кожны добры наш учынак, кожная смелая думка, кожная любоў. Сонм святых — ранейшым часам мастакі паказвалі іх на залатым небасхіле, прамяністым, прыўкрасным, поўным міру, — ён і ёсць тое, што я назвала «вечнасцю». Гэта царства па той бок часу і бачнасці. Там наша месца, там наша радзіма, туды, Стэпавы воўк, памыкаецца наша сэрца, і таму мы нудзімся па смерці. Там ты зноў знойдзеш свайго Гётэ, і свайго Наваліса, і Моцарта, а я сваіх святых, Хрыстофера, Філіпэ фон Нэры, — усіх. Ёсць многа святых, якія спачатку былі заклятымі грэшнікамі, грэх таксама можа быць дарогай да святасці, грэх і пахібнасць. (…) Нам трэба прадзерціся праз такую навалач бруду і марнасці, каб прыйсці дамоў! І ў нас няма нікога, хто павёў бы нас, адзіны наш правадыр — гэта туга па доме.

Герман Гесэ
“Стэпавы Воўк”

Часовае і вечнае — Юлія Патоцкая