“Спатканне”. Янка Сіпакоў
Упершыню за столькі гадоў ростані ім дазволілі гэтае спатканне. Яны сядзелі ў розных турмах: ён тут, у сваёй, айчыннай, а жонка — у іншай, чужой і вельмі далёкай адсюль. Тыя, хто дазваляў гэтую сустрэчу, патаемна спадзяваліся, што вязні, узрадаваўшыся магчымасці ўбачыць адно аднаго, шчыра разгаворацца і міжволі выдадуць нейкія таямніцы, якіх якраз і не стае ў абвінавачванні.
Але яны маўчалі. Як падышлі да сплеценай з калючага дроту сеткі, якая разгароджвала іх, як сталі адно насупраць другога, як угледзеліся адно аднаму ў вочы, так і знерухомелі, так і застылі, нібыта муміі.
Стаяць, не варушачыся, глядзяць, не міргаючы.
Стаяць мінуту, пятую, дзесятую.
Глядзяць паўгадзіны, глядзяць гадзіну…
Першай захвалявалася, занепакоілася ахова. Яна падазрона пачала паглядаць на вязняў, перашэптвалася і ківала ў іхні бок галовамі. На варту нібыта напаў нейкі страх, яе быццам паралізавала.
— Яны нічога не гавораць! — нібыта скардзячыся камусьці, у жаху паўтаралі ахоўнікі.— Яны маўчаць!
А муж і жонка прагна глядзелі адно аднаму ў вочы, і ў гэтых паглядах і праўда было штосьці незвычайнае, незямное, нават жуднае: глядзелі яны не як людзі, а як нейкія незямныя істоты. Здавалася там, між імі, імклівелі, хадзілі нейкія няўлоўныя для іншых імпульсы, хвалі, а само паветра так спрасавалася, накалілася, што было нават боязна падыходзіць да вязняў блізка — яно магло спапяліць кожнага.
— Яны глядзяць у вочы і маўчаць! — яшчэ больш заводзілася ахова.
Усе бегалі і мітусіліся без толку. Усім здавалася, што перад імі адбываецца штосьці зусім неверагоднае, жудаснае — вязні глядзяць і маўчаць!
І тады больш разумныя і больш назіральныя з ахоўнікаў нібы зразумелі штосьці.
— Ды іх ужо тут няма, — няўпэўнена, нават не верачы сабе, здзіўлена разводзілі рукамі відушчыя. — Яны ж ужо на волі…
Ім пярэчылі:
— Не выдумляйце! Яны ў турме. Вунь стаяць. Кожны можа пераканацца, зачапіць іх.
— Не, няма. Яны ўцяклі адсюль.
— А хіба можна ўцячы з нашай турмы?
— Яны ўцяклі астаўшыся… Гледзячы адно аднаму ў вочы…