З чалавекам адбываецца тое самае, што і з дрэвам. Чым больш ён імкнецца ўгору, да святла, тым мацней карані яго імкнуцца ў глыбіню зямлі, уніз, у змрок — у зло.
(…) «Самотна стаіць на гары гэта дрэва, высока ўзнялося яно над чалавекам і над зверам.
І калі б яно загаварыла, не знайшлося б нікога, хто зразумеў бы яго, — так вынёсла яно вырасла.
І вось яно чакае і чакае, — а чаго яно чакае? Так блізка ссуседзілася яно з хмарамі: ці не чакае яно першай маланкі?»
(…) Ты яшчэ не свабодны — ты толькі шукаеш свабоды. Стамілі цябе твае пошукі і забралі твой сон.
Ты імкнешся ў свабодную вышыню, зорак прагне твая душа. Але і благія твае памкненні прагнуць свабоды.
Твае дзікія сабакі рвуцца на волю; яны брэшуць ад радасці ў сваіх падзямеллях, пакуль твой дух імкнецца разбурыць усе вязніцы.
Ты сам яшчэ вязень, прагны свабоды: мудрая душа ў такіх вязняў, але разам з тым падступная і нядобрая.
Свабодны духам павінен ачысціцца. Бо ў ім яшчэ шмат астрожнага змроку і цвілі — вока яго павінна ачысціцца.
Так, я ведаю небяспеку табе. Але заклінаю цябе сваёй любоўю і надзеяй: не адкідай сваёй любові і надзеі!
Высакародна ты любіш пакуль што, і высакародна любяць цябе, а твае нелюбы злосна зіркаюць табе ў плечы. Ведай, што высакародны ўсім папярок дарогі.
«Добрым» таксама ён заважае; калі ж яны яго называюць добрым, дык гэтым самым хочуць прыняць яго з дарогі.
Высакародны хоча стварыць новае і новую цноту. Добры хоча захаваць старое, каб яно заставалася цэлае.
Але не ў тым небяспека высакароднаму, што ён зробіцца добры, а што знахабіцца, зробіцца перасмешнікам і знішчальнікам.
Я ведаў высакародных, якія страцілі сваю найвышэйшую надзею. І вось цяпер яны ўзводзяць паклёпы на ўсе высокія памкненні.
І вось цяпер яны жывуць, зрываюць без сораму кароткія ўцехі і ставяць перад сабою мізэрныя мэты — не больш як на дзень выстарчае гэтых мэтаў.
«Дух — таксама салодкі шал» — так кажуць яны. І разбіліся крылы ў іх духу, і цяпер ён поўзае ўсюды і апаганьвае ўсё, што грызе.
Калісьці яны мерыліся стаць героямі, сёння яны ласуны. Сёння смутак і жудасць — ім за герояў.
Але любоўю сваёй і надзеяй заклінаю цябе: хавай героя ў сваёй душы! Як святыню хавай сваю найвышэйшую надзею!»
Фрыдрых Ніцшэ
“Так сказаў Заратустра”