Яўген Барышнікаў — Дзікі вінаград (верш Югасі Каляды)

Дзікі вінаград

Аголены гвалтоўна сквер,
зь якога вецер лісьце зьдзер,
прадзьмуў алеі.
Але прыгожа паміраць
умее дзікі вінаград:
ён чырванее.

Ён лозы ўчэпіста прасьцяг
ва ўсе бакі, барвовы сьцяг
шчасьлівай эры,
ён лезе ўгору да краёў,
ён расьцякаецца крывёй
сваіх артэрый

па сьценах тых дамоў, дзе мы
пад анальгетыкам зімы
стаім, нямыя,
у шкло ваконнае ілбом,
пакуль зьмяняеца любоў
гіпатэрміяй.