“Ян Ялмужна”. Антон Францішак Брыль

Смерць Аляксандра ліецца з палаца, цячэ па вуліцах Вільні, напаўняе іх да краёў, са звонкім цокатам вырываецца ў брамы. Скора ўжо яна зловіць князя ў Лідзе, схопіць яго ў Ашмяне, сцішыць у Вількаміры і Браславе. І кожнае месца, дакуль сягне князева смерць, адгэтуль будзе само яе множыць. Ва ўсе бакі яна раз’язджаецца ў вазáх, навыперадкі бяжыць маладымі нагамі і паважна разыходзіцца старымі ды ўсё грыміць капытамі па гасцінцах далей. Але князь вялікі. Вось ён мёртвы ўжо ў Наваградку і Менску, а ў Берасці і Кіеве жывы і князюе, і ягонае слова цяжкое там, як чыстае золата. І віленскі манах моліцца за спачын, а кіеўскі за здароўе, і часам іх вусны рухаюцца ў суладдзі, вымаўляючы адно імя. Праз немалы час усё нарэшце скончана, і толькі ў глухіх кутах краю князь мо пажыве яшчэ, незаўважаны смерцю, дзе тыдзень, дзе месяц, а дзе і болей. Але тое далёка і няскора. Пакуль жа расчыненыя брамы Вільні, імчаць конныя, і адзін між імі найшпарчэйшы з усіх. Ён не спыняецца, не збочвае ды не размыкае вуснаў, бо за вуснамі, на самым кончыку языка, вязе Аляксандраву смерць да свайго пана.
Грозны роў, глыбейшы за многія думы, атачыў каменныя сцены, цвярдзейшыя за ўсякае слова. Па ўсіх чатырох кутох – круглыя вежы з высокімі вострымі дахамі. З такой вежы відаць далёка, але чуваць хіба што гуд галасоў у двары замка. Недзе там, унізе, варта расступаецца перад знаёмым тварам і знаёмым словам, і гуд робіцца трывожным. Гаспадар чатырох высокіх вежаў, малады пан Ольбрахт, яшчэ імгненне ўглядаецца з паўднёвага акна ў бязрушную далеч, а тады са злою імклівасцю збягае па крутой лесвіцы ўніз. Позна. Найяснейшы князь Аляксандр мёртвы ўжо і тут, у Мураваных Геранёнах.