Поль Верлен “Мастацтва паэзіі”. Чытае Дзяніс Бурко.

Мастацтва паэзіі

Шарлю Морысу

Спачатку Музыка…
І ў ёй
Застанься і забудзь пра Слова.
Паветра, хваля – вось аснова
Усёй паэзіі тваёй.
Гаворка – стыгма на шчацэ!
Не Слова здабывае складнасць,
Спявай і з’явіцца дакладнасць
З вакхічным кубкам у руцэ,
І позірк юны праз вуаль,
І дзень арфічны ў струнах поўдня,
І, восенню сп’янеўшы, поўня
На зоры кіне жо ўты шаль!
Пусці адценне на парог!
Не колер, а яно ўладарыць,
Вядзе да шлюбу сны і мары,
І з флейтай паляўнічы рог!
Цынічны смех не для цябе,
А для якой часночнай кухні –
З ім вочы, плачучы, апухлі
І аддалі блакіт журбе.
Напышлівасць пятлёй здушы,
Няхай хрыпіць пустое горла,
Хай рыфму неспакой агорне,
Каб сон пайшоў з тваёй душы.
Хто рыфму даў на шкоду нам?
Які вар’ят, які прыблуда
Прывабіў нас дурной аблудай
І дуплы выглыбіў званам?!
Дык Музыкі – на ўвесь твой лёс!
Тады душа ў лірычным цудзе
Нябёсы новыя здабудзе,
Каханне іншае ўсур’ёз.
Хай верш у добрых авантурах
І ў ранку ветраным жыве,
І ў мяце з кменам, і ў траве…
А рэшта ўсё – літаратура