“Павешаным 1863 году” Уладзімір Караткевіч

Калі ідуць на абардаж,
I поўніць полымя прасцяг
Да верху мачты — экіпаж
Цвікамі прыбівае сцяг.
Даўно здалася — нават сталь, —
І толькі зараз — мы памром
Пад сцягам, што ў прадонні хваль
Знікае разам з караблём.
Ў крыві краіны нашай бель,
Прыходзіць час смяротных сноў,
I нашай волі карабель, —
Няскораны, — ідзе на дно.
I сёння ў вечны наш працяг,
У неба на світанні дня
Уздымуць нас, як волі сцяг,
Якога й Богу нельга зняць.