“Няўлоўныя мсьціўцы” Андрэй Хадановіч

Нам калыханкай сталіся здаўна
гарматны гул і кулямётны строкат.
Мы часьцяком спыняліся за крок ад
сьмяротнай бліскавіцы й перуна.

Паслоў варожых пасылалі на…
Блукалі па балотах, жэрлі блёкат,
пілі атруту й засыналі ўпокат —
і кожны абуджаўся давідна!

Бяз мараў пра хвалу і ўзнагароду
жыцьцё аддаючы ў імя народу,
на вогнішча ішлі, як Жанна д’Арк.

Бо кожны з нас да звышгеройства звыклы,
і вораг часта бачыў нашы іклы,
заходзячы ў мясцовы заапарк.

Category: Вершы