“Мужык”. Янка Купала

Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсць гэты свет вялiк,
З мяне смяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Чытаць, пісаць я не ўмею,
Не ходзіць гладка мой язык…
Бо толькі вечна ару, сею, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку i крык,
I свята рэдка калi знаю, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Галеюць дзеці век без хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Не маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Як хвор ды бедзен – сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я без доктара лячуся, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Што голы я павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, свет пакінуць, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагараджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!