Стваральнікі праекта Дзяніс Бурко і Павал Доўнар вырашылі папулярызаваць літаратуру праз мультымедыя. Яны выпусцілі ўжо каля дваццаці ролікаў, дзе сімпатычныя маладыя людзі дэкламуюць улюбёныя вершы беларускіх паэтаў у прыгожых кінематаграфічных дэкарацыях. Беларуская літаратура вартая лайкаў і перапостаў, лічаць хлопцы.

Візуалізаваць паэзію і такім чынам распаўсюдзіць яе ў сацсетках спрабавалі ўжо не раз. Можна прыгадаць праект “Чорна-белыя вершы” альбо суполку ўкантакце Белліт · jpg, дзе на карцінкі накладаюцца цытаты сучасных аўтараў, гатовыя для таго, каб тут жа быць расцяганымі карыстальнікамі па ўласных старонках.

Litara-A прапануе ўсім ахвочым стаць не толькі чытачамі, але і чытальнікамі вершаў, выканаўшы іх на камеру. Для гэтага трэба проста напісаць стваральнікам, і яны абяцаюць зняць ролік з вашым удзелам альбо даслаць сваё відэа, якое таксама будзе змешчанае ў суполцы.

Праект, які нарадзіўся праз любоў да паэзіі, робяць два сябры – мадэль, выкладчык польскай і беларускай моваў, а таксама беларускай літаратуры ў гімназіі №23 Дзяніс Бурко і кіраўнік студыі відэапрадакшну “Zvonka”, рэжысёр, аператар Павал Доўнар. Здымаць ролікі пачалі ў лістападзе, першымі чытальнікамі сталі самі заснавальнікі суполкі, а таксама іх сябры. Што дэкламаваць, абіраюць самі героі відэа, гэтым тлумачыцца такі размаіты падбор вершаў: ад класікаў Янкі Купалы ды Максіма Багдановіча да рок-паэта Яна Маўзера – што каму бліжэй. “Калі чалавек не ў стане вызначыцца, я магу падказаць яму нешта па ягоных фотаздымках і зацікаўленасцях, – кажа Дзяніс Бурко, – галоўнае, нам хацелася б, каб літаратура была стылёвай і папулярнай сярод моладзі”.

Героі добра змантаваных ролікаў сапраўды з’яўляюцца на тле бясконцых прыступак альбо змрочных заледзянелых рэк, але гэтым нечаканая падача паэзіі быццам і абмяжоўваецца. Можна сказаць, што задуменнае чытанне лагодным голасам пад класічную музыку часам не адрозніваецца ад школьнага дэкламавання вершаў ля дошкі. Хлопцы адказваюць, што гэта толькі пачатак, яны яшчэ ў пошуку свайго фармату: «Гэта доўгатэрміновы праект, які толькі пачаўся, пакуль стараемся здымаць па-рознаму, каб зразумець, як лепш. Намагаемся прыцягнуць і нейкіх вядомых асобаў, верш Анатоля Сыса прачытаў, напрыклад, рэпер Вінсэнт, а творы Алеся Разанава добра, па-акторску выканаў вядомы тайбаксёр Віталь Гуркоў”. Стваральнікі абяцаюць, што хутка сярод чытальнікаў можна будзе пабачыць і іншых беларускіх і небеларускіх дзеячаў, якія заангажаваліся ў нашую культуру.

Арганізатары вырашылі не абмяжоўвацца толькі паэзіяй, а ахапіць увогуле літаратуру па-беларуску. Можна дэкламаваць таксама перакладныя творы, а цяпер “Litara-A” намагаецца паэксперыментаваць і з чытаннем прозы. Першай празаічнай цытатай, якую паспрабуюць укласці ў відэафармат, будзе ўрывак з аповесці Васіля Быкава “На чорных лядах”.

Далучыцца да праекта можна і не выходзячы з дому, начытаўшы ўлюбёны верш у аб’ектыў вэб-камеры альбо запісаўшы свой эмацыйны выступ на мабільны, пры ўмове, вядома, што якасць запісу ўсё ж будзе на ўзроўні. Часам відэа прылятаюць ад беларусаў з розных краінаў свету. “Эмігранты, якія маюць сантымент да беларускай культуры, сапраўды з радасцю далучаюцца, – кажа Дзяніс. – Вельмі прыемна, што гэтыя людзі могуць па спасылках паслухаць знаёмыя з дзяцінства вершы ці прозу па-беларуску”. Хлопцы ўжо атрымалі літаратурныя прывітанні з Лондана, Парыжа і Варшавы. Адзін чалавек, які вельмі даўно пакінуў родную старонку, пабачыўшы ролік з “Эмігранцкай песняй” Багдановіча, даслаў сваё відэа з Іспаніі.

«Калі нехта запісвае свой ролік, ён абавязкова запосціць яго на старонцы ў сацсетках, сябры зробяць рэпосты, такім чынам людзі будуць больш і больш слухаць беларускую паэзію, а тады, магчыма, пачнуць чытаць і першакрыніцы”, – спадзяюцца стваральнікі “Litara-A”.

Аляксандра Дорская, budzma.by

“Litara-A” заклікае чытаць беларускую паэзію ў аб’ектыў

Блог | 0 Comments