“Крэўскае мора”. Аляксандр Камінскі

КРЭЎСКАЕ МОРА
Я далёка жыву ад мора
І не чуў пераліваў шторму,
Але варта зайсці на ўзгорак
І на Крэва адтуль зірнуць –
Чую шторм. Бо бурліць прастора
Ад пагоркаў, што маюць форму
Бурных хваляў. Ну чым не мора!
Эх, здаецца, туды б нырнуць!

Паглядзець, што схавалі хвалі,
Дух сівой даўніны панюхаць,
Дакрануцца да сценаў храмаў,
Што забралі ад нас гады;
Паспяваць, што дзяды спявалі,
Звон разбітых званоў паслухаць,
Паблукаць па зямлі без шрамаў,
Без атруты папіць вады…

Але раптам знікаюць мары.
Быццам матчынай калыханкі
Ужо назад не вярнуць, хоць плач ты,
Змытых бурнай вадой слядоў.
Зноў над хвалямі ўюцца хмары,
Зноў грыміць, зіхацяць маланкі,
І крыжы паўстаюць, як мачты
Затанулых навек гадоў.