“Казка”. Уладзімір Караткевіч

II. КАЗКА
Ну сядай, сядай са мной, калi ласка.
Навальнiцы песня старая-старая.
Слухай казку. Апошнюю казку.
Яна на тваiх вачах памiрае.
Ў гэтай казцы ялiны лапы схiлiлi.
Вiзантыйскi захад у алым дыме…
“Зялёная сарока кашку варыла,
Зялёная сарока з дурнымi вачыма…”
У кулiнарную кнiгу глядзела,
Чухала патылiцу драўлянаю лыжкай,
I дзеткi кашку да лыжкi з’елi,
А нам з табой не далi анi крышкi.
Ты смяешся? Такога няма на свеце?
Не смейся, любая, свет шырокi.
Мы з табою толькi дурныя дзецi.
Нам добра з гэтай чубатай сарокай.
Сарокi розныя рэчы крадуць,
I, можа, ў гняздзе яе, з золатам поруч,
Ляжыць каханне, святло i радасць,
Што прынесла сарока з-за сiняга мора.
Аддайце, сарока. Няма ўжо сiлы.
Яна ж не кахае мяне, хоць зарэжце.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Дай я цябе пацалую, мiлая.
А каша?
Чорт з гатай кашай, нарэшце.