Ён агледзеў хату вачыма злодзея.
Печ, грубка, палаці, стол, крэслы… Чырвоны кут з Бажніцай пад набожнікамі. І крыху зазлаваў. Адчуў, што не хапае гаспадарлівай цярплівасці. Цярплівасці натуры, што з году ў год дбала і парадкавала па паліцах, шафах і шуфлядах — кожны сподак, цвік і матузок. Хацелася б на адным воку, адным уздыху ўбачыць, уцягнуць у сябе ўсё, што тут мелася. Ўубам адчуць, чаго няма, кінуцца нажываць зноў, што ўкрадзена. А не зводзіць сябе з’едлівасцю пракаветнага жабрака, нястомнага ў жалобе і смутку. Усё яму мсціцца не так, не па ім. Вось гэта б перайначыў, перарабіў, а да такога ніколі б і не папусціўся. І ўсё, ўто ёсць, — не вельмі міла, а што знесена, страчана – бясконцая дарога.
Асноўнае ж на месцы – сцены, столь, падлога. І больш да гэтага засталіся лавы, табурэты, шафа з посудам і шафа з сякой-такой бялізнай. Дык чаго ж гнявіць Бога. Быў час – пачыналі з меншага: неба над галавой, зямлі пад бокам і на нагах. І нічога, захавалі сябе. Выжылі. Сапраўды, як казаў некалі ягоны бацька: аднаму ўжо так было – жывы застаўся. А ён жа зусім адзін. Няма чаго сірату казанскую з сябе строіць. Як жа хутка псее чалавек. Толькі што прымерваў крыллі, а не паспеў іх прыладзіць, як паперлі рогі.
Ён цяпер ужо знарок адцягваў, адводзіў тую хвіліну, калі пры дзецца дасведчыцца, што ж укралі ў яго хаце. Супакойваў, але не маніў сабе, цвяроза рыхтаваўся да той хвіліны, калі можна зірнуць праўдзе ў вочы. І ўсё тое горкае, што ён выказваў сабе, таксама было праўдай.
Час праўды няўмольна і неяк неспадзявана хутка набягаў на яго. Праўды непазбежнай кожнаму чалавеку, хаця і вельмі жорсткай, крыўднай, калі сіла ў табе выспелілася амаль што незямная, а здароўя справіцца з той сілай няма. Толькі па-маладому ўхопішся за што-небудзь – адразу ж у табе то тое, то гэта лопнула, трэснула, парвалася. Сіла твая прывідная, мёртвая. Падобная той, пра якую раскаваў адзін з яго сяброў, цяпер ужо нябожчык. Быў ён крыху старэйшы за яго, таму і лепей помніў вайну, першую пасляакупацыйную вясну. Вайна пайшла ўжо з іх вёскі. Немцаў прагналі. Але першая весняя вызваленшчая паводка збірала з узгоркаў і лагчынаў і х трупы і зносіла, сплаўляла ў раку Лету. Яны дабрэлі, так набраклі ад вады і цяпла, што ўзвышаліся на рачной плыні нібы вялізныя смаленыя вепрукі.

“Час збіраць косці” (урывак). Віктар Казько

Блог | 0 Comments