“Чалавек, які падтрымлівае агмень”. Анатоль Сыс

Чалавек, які падтрымлівае агмень,
Чалавек, які беражэ каханьне,
Чалавек, які моліцца хлебу,
Прыйдзе да мяне,

Прыгнечанага каменным горадам,
Разьбітага няўдачамі і паўсядзённай мітусьнёй,
Раздражнёнага бюракратамі і крывадушнікамі.
Я не буду дамагацца тваёй дабрадзейнасьці,
Я не буду дапытвацца,
Як падтрымліваюць агмень,
Берагуць каханьне,
Моляцца хлебу.
Проста пасядзі са мной,
Мне будзе дастаткова тваёй маўклівай прысутнасьці,

I калі ты пакінеш мой дом –
Ты не пакінеш мяне.

Category: Вершы